ДА́ХАВЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па стварэнні дахаў будынкаў і збудаванняў. Склад іх залежыць ад віду і вугла нахілу даху, дахавых матэрыялаў.

Звычайна Д.р. ўключаюць: падрыхтоўку (ачыстку, грунтоўку) асновы; параізаляцыю асн. канструкцыі пакрыцця слоем масцікі або 1—2 слаямі пергаміну, руберойду. толі, шклоруберойду (на гарачых і халодных масціках); цеплаізаляцыю з плітавых, маналітных або сыпкіх уцяпляльнікаў; стварэнне выраўноўвальнага слоя — т.зв. сцяжкі (цэментна-пясчанай, асфальтабетоннай); укладку дахавага пакрыцця з 2—5 слаёў рулонных матэрыялаў або масцік, арміраваных шкловалакном, і ахоўнага слоя. Пры выкарыстанні штучных матэрыялаў насцілаюць (укладваюць) азбестацэментныя лісты і пліткі, чарапіцу, дахавую сталь на драўляныя латы, жалезабетонныя, стальныя або драўляныя бэлькі.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)